р.Сула(д.Морозовичи-д.Новополье) 7-9.04.06

Удзельнікі:
Кірыл (Kir2003)(кіраўнік) і Жэня
Федзюковіч Юрась (DzedFyodar) і Віця (VektoR)
Міроненка Коля і Настасься
Валодзя і Зьміцер
Андрэй (Bobr) і Зьміцер

Маршрут: в. Марозавічы, м. Рубяжэвічы, в. Гнецькі, в. Кароліна, в. Найдзёнавічы, в. Навасельле, в. Навапольле; Стаўпцоўскі раён Менскай вобласьці.

Ад Федзюковіча Юрася (DzedFyodar):

07.04.2006 – пятніца

Ужо стаўшы звычайным, збор у паходы на два-тры дні праходзіў у штатным рэжыме. Замова праз інцярнэт на сайце http://forum.poehali.net і збор а 19 гадзіне на вакзале. Заброска на аўтобусе да месца старту.  Па дарозе бачылі знак — вясёлку, толькі  ня ўсю, а толькі «слупы вясёлкавыя” абапал дарогі.

08.04.2006 – субота

Начавали амаль ля апошняй хаціны вёскі Марозавічы. Спадзяюся нікога не бянтэжылі, акрамя сабак. Ноччу ўразіў яшчэ адзін знак. Вакол месяца, што на чыстым небе сьвяціў лепей за сонца, мелася нешта падобнае на круглае сьвячэньне.  Чаму я так канкрэтна спыняюся на гэтым, даведаецеся далей з тэксту.

Марозны ранак успрынялі вельмі радасна і ўхапіліся зьбіраць байдаркі. Першы позірк на  Сулу надаваў аптымізму. Вады было ўдосталь. Але можна было адзначыць, што ўзровень вады паспеў крыху знізіцца.

На вадзе мы былі ўжо ў 9:15 па гадзіньніку. І адразу, праз 15 хвілін мы напаткалі бабровую хаціну. З лёту яе прайсьці нельга было, таму Bobr узяўся яе чысьціць. Адпілаваўшы пару галін і параскідаўшы яшчэ колькі ў бакі каманда пачала скакаць цераз плаціну.
Кірыл, аднак, толькі на трэці раз пацэліў па пратоцы, дый і тое па кустоўі. А вось як бы добра Коля з Насьцяй не праскочылі плаціну, перакуліліся праз пару хвілінаў як адышлі ад яе. Адразу заўважу, што яны перагортваліся потым і другі раз. Толькі я таго ня бачыў, на жаль.

Так, пабалаваўшыся з паўгадзіны рушылі далей. Але як рушылі. Наступнае апісаньне сплава да маста ў Рубяжэвічах можна назваць коратка: прасоўваньне праз кусты. Былі два, чы тры абносы, і тэж па кустох. І так сталася, што ў Рубяжэвічах мы апынуліся толькі а палове на 14 гадзіну. Атрымліваецца, што кавалак маршрута ў 5 кілямэтраў мы праходзілі 4 гадзіны.
Пад аўтамабільным мастом у Рубяжэвічах, перад якім добры завал і кусты, невялікі каменны перакат і астанкі драўляных паляў. Трэба быць крыху ўважлівым, праходзячы тут. А на другім баку ад маста стары вадзяны млын.

Потым на адрэзку ў 3 км да вёскі Гнецькі сустракаецца вялікая колькасьць абнасімых кустоў, масткоў і іншай перашкаджаючай нечысьці ў вадзе.
Я б раіў жадаючым пахадзіць па Суле пачынаць ад вёскі Гнецькі, чы хіба ад моста ў Рубяжэвічах, бо тое было дужа цяжка, а вынік нулявы. Страцілі столькі часу і моцы. Аднак некаторыя апісаньні распавядаюць пра пачатак маршрута яшчэ вышэй ад вёскі Сула. Гэта мажліва, здаецца, толькі па вельмі вялікай вадзе ў самы паводак. Да рэчы, можна разглядаць пачатак маршрута па рацэ Перакуль з тых жа Рубяжэвічаў, чы Целяшэвічаў.

Спыніліся на начоўку толькі ў 20 гадзін недзе за 2 км да вёскі Рудня, бо наяўнасьць паваленых дрэваў не давала рады і накручваць кілямэтраў. Пры гэтым месца для стаянкі толькі адно і было, дзе Сула падыходзіць да сасновага ляску.
За дзень прайшлі каля 8 кілямэтраў.

09.04.2006 – НЯДЗЕЛЯ

Ноч праляцела, як і мае быць — хутка і весела. На ранак стаўся мароз каля -5 С. Пры гэтым байды зложаныя горкай змёрзліся адна да другой. Трэба было чакаць покуль сонейка высунецца з-за дрэў, каб іх разабраць і пачаць пакавацца.

Прачнуўшыся  ў 7 гадзін, сталі на ваду  па-за 10 гадзінамі. Праз 1,5 км па левым баку прайшлі прыток Перакуль і амаль адразу па правым беразе выявілася вёска Рудня. Тут Сула разьлівацца пачала, а чаму, мы хутка і пабачылі. Перад Янушкамі ёсьць «мост”, зроблены ў выглядзе трубы 2-х мэтраў дыямэтрам. Для вясеньней Сулы гэта сталася дамбай, якую яна пачала пасьпяхова размываць. Затое ў трубе вада бурліла неверагодна прыгожа.
Калі не арматура ўнутры, мажліва і рызыкнулі б праз яе прайсьці.

Далей да вёскі Найдзёнавічы Сула паскарае свой бег і пачынае меандраваць бы зьмяя – загіб на загібе. Праз 3 км ад Кароліна, дзе на мапе адзнака узроўню вады 168,3 м ёсьць цудоўная абсталяваная стаянка, дзе можна рабіць начоўку. Далей Сула то адыходзіць і цячэ ў пойме, то зноў падыходзіць да невялікага кавалку лесу. За 4 км ад Найдзёнавічаў правым прытокам упадае рачулка Сярмяжка. Перад аўта-мостам у Найдзёнавічах невялікі каменны перакацік.
Пасьля Найдзёнавічаў да Навасельля і далей да Навапольля Сула віхляе ў пойме з невысокімі, роўнымі берагамі. Лесу на берагах сустракаецца ня шмат і паглядаючы вакол бачыш даволі далёка ўздоўж ракі. Перад Навапольлем лес падыходзіць да ракі.

Тут, у Навапольлі, ля старога вадзянога млына мы і скончылі паход. Хоць гэта і была толькі адна палова ад намечанага маршрута, народ стаміўся і жадаў дамоў.
Ля млына ёсьць астанкі старога драўлянага маста, на якім стварыўся завал, аднак левы бок мае, паміж паляў, пратоку, якая пачынаецца з мелі, а на выхадзе астанкі млынавых мэханізмаў. Каб прайсьці тут трэба добра вывернуцца. Ёсьць небясьпека наскочыць на астанкі паляў пад самай каменнай сьцяной. Адным словам ніхто не наважыўся туды сунуцца, акрамя мяне і VektoR-a.

За гэты дзень было пройдзена толькі 18 кілямэтраў.Такім чынам водны сэзон 2006 года быў адчынены. Пры гэтым згубы склалі амаль самае цэннае: Кірылаў фоцік, Насьцін мабільнік, мае пальчаткі.
Коля з Насьцей, Андрэй з  Зьміцерам, Жэня з Кірылам перагортваліся амаль на роўным месцы, Жэнін мабільнік перастаў функцыяваць, як і VektoR-аў фоцік.

 

...........

P.S. Спасибо, как говорится, за внимание...
Если понравилось, можно подписаться на мой ТГ канал https://t.me/kir2003_site
Если, конечно, вы уже не там)
Также есть страничка в Контакте https://vk.com/id608851795
И даже в Фэйсбуке https://web.facebook.com/kirtikhom

Абзац добавлен автоматически, если по каким-либо причинам неуместен в данном тексте, приношу извинения.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.